Прэс-рэліз на кнігу “Малой радзімы запаветы продкаў”
Выдавецтва “Беларусь” выпусціла у свет новую кнігу “Малой радзімы запаветы продкаў”: народная духоўная культура Жыткавіцкага раёна. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя народнай мудрасці палешукоў, самабытнасці іх мыслення, непаўторнага паэтычнага ўспрымання і глыбіннага асэнсавання навакольнага свету.
Прапанаваная чытачам кніга ўключае фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя ў розныя гады студэнтамі і выкладчыкамі ўстановы адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны» ў палявых экспедыцыях на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна, архіўныя матэрыялы ўстановы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці», раённага цэнтра фальклору пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жыткавіцкага райвыканкама, а таксама асобныя літаратурна-публіцыстычныя матэрыялы.
Над раздзеламі гэтага выдання плённа працавалі доктар філалагічных навук прафесар В. С. Новак, доктар філалагічных навук дацэнт В. К. Шынкарэнка, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» празаік У. М. Гаўрыловіч і іншыя.
Традыцыйная духоўная спадчына Жыткавіцкага раёна — гэта надзвычай самабытныя і багатыя звесткі па розных каляндарных і сямейных абрадах і звычаях, сярод якіх варта адзначыць Каляды, Гуканне вясны, Тройцу, Юр'я, Купалле, вяселле, хрэсьбіны і іншыя. Наибольшую цікавасць выклікаюць успаміны жыхароў Жыткаўшчыны пра Юраўскі карагод, які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2004 годзе.
Гэта кніга – вынік шматгадовай плённай працы не толькі выкладчыкаў і студэнтаў, але і работнікаў устаноў культуры, мясцовых энтузіястаў-носьбітаў фальклорнай традыцыі і збіральнікаў скарбаў вуснай народнай творчасці – будзе карыснай не толькі для саміх жыхароў, але і для ўсіх тых, хто зацікаўлены ў захаванні і адраджэнні народнай духоўнай культуры нашай краіны.
Напрыканцы сакавіка ў Цэнтральнай бібліятэцы г. Жыткавічы будзе арганізавана прэзентацыя дадзенага выдання з удзелам укладальнікаў кнігі і аматараў народнага фальклору.